Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Cцэнарыi святаў на беларускай мове

К. М. ЛЯШКЕВІЧ, настаўніца Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна.

Беларусь мая сінявокая

Сцэнарый ранішніка

(На сцэне дзяўчынка і хлопчык у нацыянальных касцюмах.)

Хлопчык.
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла — Беларусь.
(Ю. Свірка.)

Дзяўчынка.
Я — дзяўчынка-беларуска
3 васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
Васількі ў світальным жыце.
Вербы ніцыя над Сожам.
Беларусь: Бярэсце, Свіцязь,
Налібокі і Каложа.
(П. Панчанка.)

Вядучы. Мы нездарма назвалі ранішнік "Беларусь мая сінявокая". На нашай зямлі багата рэк, азёр, а ў жыце ўлетку цвітуць блакітныя васількі. Беларусь — наша Радзіма. А - з чаго пачынаецца Радзіма? 3 песні маці,-з роднага слова. Паслухаем вершы пра Беларусь.

Хлопчык.
Ёсць на свеце нямала прыгожых узлессяў,
Ёсць на свеце нямала чароўных дарог,
Толькі самыя лепшыя словы і песні
Для цябе я навекі збярог.
Як гаючы бальзам, п'ю твой вецер ласкавы
I шапчу табе словы адданай любві.
I не трэба ў жыцці мне пашаны і славы,
Толькі сынам сваім назаві.
(Г. Бураўкін.)

Дзяўчынка.
Ад ветру гнуцца вербалозы,
Бяжыць дарога напрасткі.
Мой край — бялюткія бярозы
Абапал сіняе ракі.
Высока ў небе вырай кружыць:
Ляціць за сіні небакрай.
Не забывай ніколі, дружа,
Сваю зямлю, свой родны край.
Мой край —лугі і пералескі,
Крыніцы звон і шум лясны,
Мой край — блакітныя пралескі
На сцежках ранняе вясны.
(Вера Вярба.)

Вядучы. Мы, беларусы, ганарымся сваімі славутымі продкамі: Ефрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім, Францыскам Скарынай. Нашы выдатныя пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Элаіза Пашкевіч, Канстанцыя Буйло марылі аб незалежнай Беларусі з уласнай мовай і культурай і сваёй творчасцю, сваімі справамі набліжалі гэты час. Яны любілі наш край і гэтую любоў адлюстроўвалі ў вершах.

Дзяўчынка.
Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш беларускі,
Іх хаты ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў...
I песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца, плывуць.
Усё ў краю тым сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з шчасцем першым я спазналась
I з гора першаю слязой.
(К. Буйло.)

Вядучы.
Багатая беларуская мова прыказкамі, прымаўкамі. Памерлі ўжо людзі, якія сказалі мудрыя словы, а прыказкі працягваюць жыць.
Дзяўчынка і хлопчык (па чарзе).
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
Родная зямелька, як зморанаму пасцелька.
На Радзіме і паміраць лягчэй.
У родным лесе і куст родны.
У сваім краі, як у раі.

Вядучы. А зараз правядзём гульню-конкурс "Хто хутчэй?". Будзем чытаць скорагаворкі.

  1. Ехаў Пракоп з Пракопіхаю і малым Пракапяняткам.
  2. На рэчцы Лука спаймаў рака ў рукаў.

Вядучы. Сёння мы падрыхтавалі і хвілінку-весялінку.

(Дзеці па чарзе расказваюць кароткія смешныя гісторыі.)

Маленькі хлопчык прынёс дадому чарапаху.

- Навошта яна табе? — пытаецца маці.
- Хачу праверыць, ці праўда, што яна жыве 200 гадоў.

*  * *

- Марынка,  ты  вельмі  непаслухмяная дзяўчынка. Адны непрыемнасці праз цябе. Я ўся пасівела.
- Мамачка, калісьці і ты,- напэўна, не слухалася. Паглядзі, колькі сівых валасоў у бабулі.

*  * *

- Дзядуля, а ты быў маленькі?
- А як жа, унучак. I ў першы клас хадзіў, як і ты.
- Відаць, смешны быў ты ў школе са сваёю барадою?

* * *

- Ты не бойся,  — супакойвае маці сына перад кабінетам зубнога ўрача.
— Нічога тут табе не зробяць.
- Тады чаго мы сюды прыйшлі?

Вядучы. Ці любіце вы загадкі? А як вы думаеце, для чаго загадваюць загадкі? Правільна, яны вучаць думаць, развіваюць кемлівасць, фантазію.
Дык давайце падумаем разам.

  1. Жывы — чорны, памрэ — чырвоны. (Рак.)
  2. Зубастыя, а не кусаюцца. (Граблі.)
  3. Высока стаіць, навокал глядзіць, у белай кашулі і люльку курыць. (Комін.)
  4. Каля носа ўецца, а ў рукі не даецца. (Дым.)

А цяпер вы самі загадайце загадкі, і мы ўсе будзем іх адгадваць.

(Дзеці прапануюць загадкі.)

Вядучы. Паслухайце адну гісторыю.
Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі. Раптам чуюць — спявае нехта. Прыслухаўся першы:
- Відаць, жаўранак. Нё, — кажа другі, — гэта лес шуміць. А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:- Ды гэта ж зямля наша спявае.

Вось якая яна, наша зямля беларуская. Таму ў нас і песні, і танцы такія прыгожыя.

(Дзеці выконваюць падрыхтаваны па выбару настаўніка танец і ўсе разам спяваюць беларускую народную песню.

Вольга МАЗЕЦ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, яслі-саа № з г.Слоніма Гродзенскай вобласці. Пралеска 05/2018

Падарожжа з Несцеркам па вуснай народнай творчасці

Заняткі па адукацыйнай вобласці «Развіццё маўлення i культура маўленчых зносін» для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмны змест: далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы, фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе; развіваць рэпрадуктыўнае маўленне дзяцей на беларускай мове, разуменне зместу, вобразных выразаў у загадках і іншых малых формах фальклору, сэнсу прымавак і прыказак, уменне эмацыянальна ўспрымаць твор; замацоўваць формы ветлівасці, правільнае вымаўленне гукаў роднай мовы (фрыкатыўны [г], цвёрды [ч]); выхоўваць асновы нацыянальнага светапогляду.
Матэрыял і абсталяванне: касцюм Несцеркі для дарослага, торба з кнігай (дзіцячы фальклор), 3 дзіцячыя беларускія народныя касцюмы, 2 шапачкі-маскі валоў, абруч, карткі з мнематабліцамі забаўлянак і загадак, мультымедыйная прэзентацыя, мультымедыйная ўстаноўка, аўдыязапісы: беларускай народнай, казачнай музыкі, мелодыі «Беларуская полька» (апрац. Д. Камінскага), песні «Бывайце здаровы» (сл. А. Русака, муз. I. Любана).
Папярэдняя работа: знаёмства дзяцей з малымі формамі вуснай народнай творчасці, падрыхтоўка інсцэніроўкі.

Ход заняткаў

Гучыць беларуская народная музыка. У залу ўваходзіць Несцерка.
Несцерка. Дзень добры, дзеці! Ці пазналі вы мяне? (Пазналі. Прывітанне, Несцерка.)
Якія малайцы, правільна адказалі! А як яшчэ можна вітацца? (Добрай раніцы, дабранак, добры дзень, дабрыдзень, добры вечар, шчырыя вітанні.) Ці ведаеце вы, што вітацца — гэта зычыць адзін аднаму ўсяго самага добрага? Чаго можна пажадаць? (Здароўя, шчасця, добрага настрою.) Правільна, дзеці! Давайце зараз яшчэ раз павітаемся: шчырыя вітанні!
Дзеці паварочваюцца адзін да аднаго і вітаюцца: «Шчырыя вітанні!»
Несцерка. Дзеці, я вельмі люблю падарожнічаць па роднай Беларусі, збіраць жарты, забаўлянкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі. У сваю торбачку я сабраў іх ужо шмат. Жадаеце са мной у такое незвычайнае падарожжа? (Так!) Сядайце, калі ласка, у чароўны цягнік.
Дзеці займаюць месцы на крэсельцах — «садзяцца ў цягнік». Гучыць казачная музыка, на экране з’яўляецца выява цягніка, дзеці ўслед за Несцеркам прагаворваюць гукі [ч] і [г], робяць кругавыя рухі сагнутымі ў локцях рукамі — «едуць на цягніку», пакуль на экране не з’яўляецца малюнак станцыі і яе назва.
Несцерка. Першая станцыя, на якой мы апынуліся, «Жартоўная».
Несцерка расказвае забаўлянку і суправаджае яе адпаведнымі зместу жартоўнымі рухамі, каб дзеці засмяяліся:

Дзінь-дзілінь-баў!
Саўка прапаў!
Палажылі Саўку
На белую лаўку.
Лаўка трасецца,
Саўка смяецца.
Курачка сакоча,
Савачка рагоча.
Дзінь-дзілінь-баў!
Саўка прапаў!


Ці спадабаўся мой жарт? (Так!) Дзеці, ці ведаеце вы жарты?
Дзеці. Ведаем!

А шэрая козанька —
Тапу-тапу скоранька —
Пераскочыла праз плот
Ды пабегла ў агарод.
Аб’елася цыбуліцы —
Крычыць, бяжыць па вуліцы;
Аб’елася часнаку —
Крычыць, бяжыць па таку.

Інсцэніроўка «Антон ды Антоніха»

Гучыць беларуская народная мелодыя «Беларуская полька». Выходзяць дзеці ў беларускіх народных касцюмах: валы (два хлопчыкі ў шапачках-маскаху абручы) і хлопчык (Юрка), які трымаецца за абруч. Дзеці выконваюць дзеянні ў адпаведнасці з тэкстам.

Трах-бах-тарабах,
Ёдзе Юрка на валах,
А волікі тупу-тупу,
Юрка з возу цупу-лупу.


Несцерка смяецца і запрашае ўсіх дзяцей на танец.

Фізкультхвілінка — танец «Беларуская полька»

(пад бел. нар. мелодыю)
Несцерка. Малайцы! Хуценька займайце месцы ў нашым цягніку. Адпраўляемся далей!
Дзеці«едуць на цягніку», пакуль на экране не з’яўляецца малюнак станцыі«Забаўляльная».
Несцерка. Калі вы былі маленькія, вас песцілі вашы матулі: расказвалі забаўлянкі, пелі песенькі. А ці ведаеце вы іх?
Дзеці расказваюць забаўлянку па мнема- табліцы і пры дапамозе пытанняў дарослага:

- Дзе ішоў Ягорачка? (Горкай, горкай, горачкай.)
- Каго не баяўся, чаго не пужаўся? (Ваўкоў не баяўся, страхаў не пужаўся.)
- Што выразаў Ягорачка? (Дудачку-свісцёлачку.)
- Як зайграў Ягорачка? (Птушачкай-пяюшачкай.)


Дзеці.

Горкай, горкай, горачкай
Ішоў малы Ягорачка.
Ваўкоў не баяўся,
Страхаў не пужаўся.
Выразаў Ягорачка
Дудачку-свісцёлачку.
I свістаў ён птушачкай,
Птушачкай-пяюшачкай.
Горкай, горкай, горачкай
Ішоў малы Ягорачка.


Несцерка. Добра. Я хачу вас пазнаёміць яшчэ з адной забаўлянкай.
Несцерка расказвае забаўлянку, суправаджае рухамі адпаведна тэксту, на мультымедыйным экране дэманструюцца выявы па змесце твора.

Іграў я на дудцы,
Седзячы на будцы.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
Грае мая дудка,
Пяе весялушка.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
Як зайграла дудка —
Прыбег скакаць Юрка.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
А за Юркам Янка,
А за Янкам Танька.
Тулю, тулю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!


Несцерка. Як я граў? (Ту-лю, ту-лю, ту- лю-лю, ту-лю-лю!) На чым я граў? (На дудцы.) Што такое дудка? (Музычны інструмент.) На чым сядзеў? (На будцы.) Што такое будка? (Дом для сабакі.) Калі грала дудка, пела... (весялушка). Як зайграла дудка, хто прыбег скакаць? (Прыбег скакаць Юрка.) Хто прыбег за Юркам? (Янка.) Хто прыбег за Янкам? (Танька.)
Дзецям прапануюць расказаць забаўлянку па мнематабліцы.
Несцерка. Добра, дзеці! Не стаміліся? (Не!) Давайце з вамі пагуляем у беларускую народную гульню.

Беларуская народная гульня «Вожык і мышы»

Несцерка. Хутчэй займайце месцы, наш цягнік рухаецца далей.
Дзеці «едуць на цягніку», пакуль на экране не з’яўляецца малюнак станцыі «Загадкавая».
Несцерка. Наступная станцыя — «Загадкавая». Я ведаю шмат розных загадак.

Пасярод двара
Стаіць гара:
Спераду — вілы,
Ззаду — мятла. (Карова.)


Правільна! Дзеці, а вы ведаеце загадкі? (Так.)
Дзеці (загадваюць Несцерку загадкі па карках з мнематабліцамі):
Дзве маткі маюць пяць сыноў, а кожны з іх адно імя. (Рукі і пальцы.)

Хвост мой пушысты,
Кажух мой агністы,
Хітрай называюць
I курэй хаваюць. (Ліса.)

Два брушкі,
Чатыры вушкі. (Падушка.)


Несцерка. Малайцы! Наш цягнік чакае нас.
Дзеці «едуць на цягніку», на экране з’яўляецца малюнак станцыі«Павучальная».
Несцерка. Дзіўная назва ў станцыі! Гэта таму, што нас тут сустракаюць прыказкі і прымаўкі — мудрасць народа. Ці ведаеце вы прыказкі і прымаўкі пра асвету?
Дзеці называюць прыказкі і прымаўкі:

- Вучэнне — свет, а невучэнне — цемра.
- Дрэнныя тыя рукі, што не ведаюць ніякай навукі.
- Вучыцца ніколі не позна.
- Што напісана пяром, не вырубіш тапаром.
- Навука даражэй за ўсякае багацце.
- Не той шмат ведае, хто доўга жыў, а той, хто шмат вучыўся.
- У каго веды — у таго і сіла.


Несцерка. Дзякую, мае даражэнькія, што
так мяне і сябе пацешылі. Жарты, дражнілкі,
забаўлянкі, загадкі, прыказкі, прымаўкі — гэта ўсё скарб нашага народа.

Доўга скарб збіралі гэткі
I матулі,
I дзядулі,
Каб яго пачулі дзеткі,
Каб дарослыя пачулі.
П. Макаль


Сёння мы з вамі назбіралі яго многа ў маю торбу. (Дэманструе кнігу ў торбе.) Я пакіну торбу вам. Не забывайце гэты скарб, шануйце яго, карыстайцеся ім у паўсядзённым жыцці! Дамовіліся? (Так!) Тады светлым будзе ваша жыццё! А зараз надышла пара вяртацца. Сядайце ў цягнік.
Дзеці «едуць на цягніку». Гучыць казачная музыка, на мультымедыйным экране з’яўляецца выява дзіцячага сада.
Несцерка. Вось мы і вярнуліся. Што мы рабілі ў нашым падарожжы? (Адказы дзяцей.) А зараз час развітвацца. Як гэта зрабіць па-беларуску? (Да пабачэння, бывай здаровы, да сустрэчы, пабачымся, усяго найлепшага, шчасліва, пакуль, бывай.) Усё так. Але мне больш за ўсё падабаецца так: бывайце здаровы, жывіце багата! Давайце так і развітаемся.
Развітваюцца, Несцерка выходзіць з залы пад гучанне аўдыязапісу песні «Бывайце здаровы».

ЛІТАРАТУРА:

1. Читаем детям : хрестоматия : пособие для педагогов учреждений дошкольного образования. В 3 т. Т. 1. До 3 лет / сост.: А. Н. Саченко, Л. А. Смаль. — Минск: Экоперспектива, 2015.
2. Дубініна, Д. М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д. М. Дубініна, А. А. Страха, Д. У. Дубінін. — Мазыр : Белы Ве- цер, 2014.
3. Залаты клубочак: загадкі, лічылкі, скорагаворкі / уклад. У.А. Васілевіч; маст. Т. П. Беразенская. — Мінск: Маст. літ., 2007.
4. Мудрасць жыцця: прыказкі, прымаўкі / уклад. А. I. Гурскі; маст. Т. П. Беразенская. — Мінск: Маст. літ., 2007.

Алена ЯЎСЕЕНКА, музычны кіраўнік другой катэгорыі "Пралеска" Снежань 2013 г.

Запрашаем на калядкі

Фальклорнае свята для дзяцей старшай групы

Мэта: далучаць дзяцей да народных традыцый, працягваць знаёміць з фальклорным святам Калядкі.
Абсталяванне: стол з вышытай сурвэткай, гліняныя гарлачыкі і міскі з ежай, лаўка, падушачка, дзіцячыя музычныя інструменты, мех.
Дзейныя асобы: Гаспадыня, Гаспадар, Мядзведзь, Цыганка, Каза (дарослы), калядоўшчыкі — дзеці.

Ход свята

Калядоўшчыкі стаяць ля дзвярэй залы. Частка залы прыбрана пад сялянскую хату. Гаспадыня завіхаецца ў хаце, напяваючы песню «Чаму ж мне не пець», за дзвярыма чуюцца галасы калядоўшчыкаў.
Калядоўшчыкі.
На каляды мы прыйшлі, Мех вялізны прыняслі, Каб вам нас пачаставаць, Шмат чаго падараваць (стукаюць у дзверы).
Гаспадыня. Калі ласка, заходзьце, госці дарагія!
Калядоўшчыкі.
Добры вечар, шчодры вечар!
Ходзім, ходзім грамадой,
Усіх віншуем с Калядой!
Дзеда з бабай, бацьку з маці,
Яшчэ малага дзіцяці.
Гаспадыня, не пужай,
Лепш каўбаскі смачнай дай!
Як дасі яшчэ аладкі,
Будзем добра пляскаць ў ладкі.
Гаспадар. Адкуль вы, госці дарагія?
Калядоўшчыкі.
Па свеце хадзілі, усюды бывалі,
Дзівы-дзіўныя сустракалі.
Як ішлі па льду, дык злавілі Каляду.
Дазвольце запытацца,
Ці будзе Каляда ў гэтай хатцы?
Гаспадыня.
Перш чым вам калядаваць,
Прыйдзецца папрацаваць,
Трошкі нас павесяліць,
Каб гасцінцы зарабіць.
А хто ж гэта з вамі прыйшоў (паказвае на Мядзведзя)?
Калядоўшчык.
А зараз Мядзведзя я вяду,
Ён вельмі любіць Каляду.
Як пачуе ён мядок,
Усе лапы ідуць ў скок.
Мядзведзь (спявае і прыплясвае). Дзеці, а вы дапамажыце мне!
Дзеці танцуюць разам з Мядзведзем.
Навучу вас танцаваць
Трошкі касалапа,
Потым буду зноў спяваць
Ды смактаці лапу.
Пятку ставім на насок,
Потым — зноўна пятку.
Той, хто малы і хто высок,
Пачынай прысядку.
Пахістаем галавой,
Лапамі памашам
Ды патопаем нагой
То адной, а то другой
На Калядах нашых.

Калядоўшчык. А ну-ка, пакажы, Мядзведзь, як гаспадыня цеста ў дзяжы месіць (паказвае).
Як дзед табаку нюхае? (Апчхі.)
Як дзіця зацірку есць? (На галаву накладвае.)
Як дзяўчаты перад люстэркам упрыгожваюцца? (Прыхарошваецца.)
Ці заслужыў Мядзведзь гасцінцаў?
Гаспадары. Заслужыў! Ён і артыст, і спявак, і танцор.
Калядоўшчык. Тады дайце нам грошай на мядок! (Гаспадар дае грошы, Мядзведзь кланяецца і садзіцца.)
Гаспадыня. Нашы дзеці таксама артысты. Яны зараз пакажуць, як умеюць іграць на музычных інструментах.

Ансамбль музычных інструментаў.

З’яўляецца цыганка.
Цыганка.
Я цыганка маладая,
Я цыганка непрастая,
Умею варажыць.
(Падыходзіць да гаспадыні.)
Пакажы-ка, дзеўка, ручку,
Пакладзі-ка грошай кучку.
Усю праўдачку скажу, усю ісціну.
Ляжаш ты спаць
на мяккую канапу,
I прысніцца табе агурок,
I прысніцца табе бочка,
I нарадзіцца ў цябе сынок,
А потым дочка.

(Гадае дзецям — у збаночку ляжаць прадметы).
Нажніцы — будзе цырульнікам, кніжка — пісьменнікам, градуснік — лекарам, ніткі — швачкай, грошы — бухгалтарам.
Гаспадыня. А я таксама варажыць умею. У народзе існуе звычай: накрываюць стол сенам, а зверху — абрусам. Затым выцягваюць па саломінцы. Хто маленькую выцягне — у таго ўвесь год будзе добрым, а хто выцягне доўгую — у таго шчаслівым. (Гадае дзецям і сама тлумачыць, у каго што.)
Цыганка. А ў мяне ёсць падушачка, я ўсюды з ёй хаджу, людзям шчасце прыношу. Пагуляем з вамі?

Беларуская народная гульня «Падушачка».

Дзеці становяцца ў круг, вядучы выбірае аднаго з іх, дае падушачку, ён бярэ і кладзе яго перад тым, з кім сябруе, і яны абдымаюцца.

Гаспадыня. Госцейкі дарагія! Здаецца, вы з казою ішлі, дзе яна? Козачка, пакажыся, добрым людзям пакланіся. (Козачка выходзіць у цэнтр, кланяецца.)

Каза.
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шзра!
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць (тупае нагамі).
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам (выстаўляе рожкі).
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом (махае хвастом).

Гаспадыня. А няхай ваша Козачка паскача, усіх у хаце павесяліць, а вы, дзеткі, дапамажыце ёй.
Песня «Калядачкі» (сл. Л. Пр’анчака, муз. Л, Захлеўнага).
Пасля песні Каза падае.

Гаспадыня. А што ж гэта з вашай Козачкай зрабілася? Можа, яна занядужала?
1  дзіця. Устань, Козачка, расхадзіся!
Гаспадыня. Не ўстае!
2 дзіця. Гаспадыня, нясі сала, каб Каза ўстала. (Нясе сала.)
Гаспадыня. Не ўстае!
3 дзіця. Ідзе шэранькі ваўчок, схопіць цябе за бачок. (Каза ўстае.)
Гаспадыня.
Давай, Каза, папрыгаем
Ды ножкамі падрыгаем!

Гульня з Казой.

Дзеці ідуць па крузе, Каза ў цэнтры, і кажуць: «Ой, козачка белая, ой, козачка шэрая, па лясочку гуляла ды ў танец запрашала». Каза бярэ дзіця, выходзіць у круг, і яны танцуюць.

Каза. Ой, як я замарылася! Трэба адпачыць. (Ідзе ў куток.)
Гаспадыня. А хіба ж ты забыла, Каза, чаго ад цябе чакаюць дзеці? Ты павінна зрабіць надыходзячы год шчаслівым, ураджайным!
Каза. Добра, калі так, дам трошкі жыта для дабрабыту. (Ходзіць па зале, прыгаворвае і рассыпае жыта.)
Святкуем Калядкі — лавіце зярняткі,
I вы, госцейкі, майце ўсяго даволі,
А бяды — ніколі.
Нікога не хвалюйце,
Усім цяпло даруйце!
Гаспадыня. Якая разумніца! Ідзі, цяпер пачастую. (Дае качан капусты, Каза кладзе ў мех і дзякуе.)
Дзеці, а вы хочаце ведаць, ці будзеце ў згодзе ў гэтым годзе? (Так.) Ну тады хадзіце сюды, зараз праверым.

Беларуская народная гульня «Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе».

Дзеці парамі садзяцца на крэсельцы ці стаяць спіна да спіны.
Па сігнале яны паварочваюць галовы адзін да аднаго: калі павярнулі ў адзін бок — жыць будуць у згодзе, калі не — тады не будуць

Гаспадыня. Добра пелі і скакалі, варажылі і гулялі, а заспявайце нам зараз, калі ласка, вясёлую калядную песню.
Песня «Едуць калядачкі» (сл. і муз. Я. Жабко).
Калядоўшчыкі. А ці будзе нам якія прысмакі?
Гаспадыня (выносіць мех). Вось вам мех адзін на ўсіх, ешце, спажывайце ды дабра нажывайце!
Калядоўшчыкі.
Шчасце гэтаму дому!
Каб нажалі сто капоў жыта,
Каб сям’я была сыта,
Каб скаціна вадзілася,
Каб пшаніца радзілася!
Жадаем вам здароўя, шчасця,
Каб не было нянасця,
Каб ваша хата была
заўсёды багата!

Калядоўшчыкі пад вясёлую музыку адпраўляюцца далей.

ЛІТАРАТУРА:

  • Беларускі дзіцячы фалі.клор. Традыцыйныя запісы, апрацоўкі і аўтарскія творы / уклад. А.М. Аляхновіч. — Мінск: Беларусь, 1994.
  • Статкевіч, В. Зімовыя святы: мы ім рады / В. Статкевіч // Пралеска. — 2011.-№ 12.-С.44.

Вольга МАСЛО, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 3 г.п. Узда. Пралеска Люты 1999 г.

А ў нас сёння масленіца...

Сцэнарый свята

Свята праводзіцца на вуліцы.

1-ы скамарох. Увага! Увага! Усім, усім, усім—хто не змёрз зусім!
2-і скамарох.
Спяшайцеся, спяшайцеся парадаваць увесь свет!
Зіма нам шле развітальны прывет.
Карагод "Гуканне вясны".
На санях Дзед Мароз, Снягурачка і Зіма.

1-ы скамарох.
Едзе, едзе Дзед Мароз
Ў ледзяной калясцы.
2-і скамарох.
Ну, а побач з ім Снягурачка
3 чарадзейнай казкі.
1-ы скамарох.
А вось і сама
Матуля-Зіма.
Дзед Мароз.
Добры дзень, сябры даражэнькія,
Вялікія і маленькія!
Снягурачка.
Мы прыйшлі развітацца да вас—
Адышоў наш зімовы час.
Зіма.
Прывезлі вам масленіцу,
Пачынаем ластавіцу.
Наша масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешая не ходзіць,
Усё на коніках раз’язджае.
Ды каб конікі былі вараныя,
Ды каб слугі былі маладыя!

Скамарохі выносяць з саней ляльку-масленіцу і чучала (з саломы, паперы ці тканіны).

1-е дзіця.
А мы масленіцу дажыдалі, У акенца паглядалі,
Гару сырам набівалі,
Зверху маслам палівалі.
2-е дзіця.
Ад сыру—гара сыра,
Ад масла—гара ясна.
3-е дзіця.
Масленка—бела вутка,
Нясі сыру, масла хутка,
Сыру і масла,
Каб зіма згасла.
4-е дзіця.
Надакучыла зіма,
Цёплыя валёнкі,
Хочацца ўжо цяпла,
Песень птушак звонкіх.
5-е дзіця.
Ты ўжо, зімачка, надакучыла,
Снегам-холадам нас замучыла.
Усе ў далоні біце,
Вясну-красну завіце.
Зіма. Бачу, дзеткі, што я вам надакучыла. Але ж я старалася, гурбы снегу намятала, каб вам весела было. Ці ж не хораша вам было зімой? У якія гульні вы зімой гулялі?

Адказы дзяцей.

Гульня ў снежкі.

Зіма. Добра, весела гуляеце. А ці ведаеце вы песню пра мяне?
Песня "Зіма".
Дзед Мароз. Ну як, Зіма, даспадобы прыйшлася песня?
Зіма. Так. Але ж, Дзед Мароз, набліжаецца вясна, і нам час адпраўляцца ў царства льдоў і снягоў.
Снягурачка. Я думаю, што вы, дзеці, нас доўга не забудзеце. Да пабачэння, да наступнай зімы!

Дзед Мароз, Снягурачка і Зіма ад’язджаюць на санях.

1-ы скамарох.
А ўжо масленка канчаецца,
3 вамі, дзеткі, развітаецца.
Дзеці (усе разам). Бывай, масленіца!

Запальваецца саламянае чучала.

1-ы скамарох.
Благаславі, Божа, зіму замыкаці,
Зіму замыкаці, вясну гукаці.
2-і скамарох.
Выходзьце, дзеткі, гукаць вясну.
Абуджаецца прырода ад зімовага сну.

Карагод "Мы вясну гукаем",
Дзеці водзяць карагод вакол вогнішча.


1-ы скамарох.
Шуміць, гудзе, вясна ідзе!
Шчасце і радасць людзям нясе.
Выходзіць Вясна.

Вясна. Ну, вось і я прыйшла да вас зноў, дзеці.
Чакалі вы мяне з нецярпеннем?
Дзеці.Так.
Вясна. Растане снег, бо сонца ярка свеціць.
Ці рады вы мне?
Дзеці. Рады!
1-е дзіця.
Ой, вясна, вясна,
Як жа ты красна!
Мы для цябе спяваем,
Цябе мы сустракаем.
Песня "Падарункі вясны".

Вясна. А зараз я вам загадкі свае загадаю:
3-пад снегу выйшла, расцвіла,
I так, што аж зіма ўцякла.
(Пралеска)

То празрысты, то вясёлы,
То халодны і густы.
Луг яго чакае, поле,
А яшчэ—чакаеш ты.
Пройдзе ён, і каля хаты
Ручаінкі зазвіняць,
Выйдзеш ты, бясконца рады,
— I караблікі пускаць.
(Дождж)
Вясна.
Зіме канец, вясне пачатак
— Для нас усіх сягоння свята.
Музыка, грай!
У коле вялікім
Няхай паскачуць чаравікі!
Танец па выбары выхавальніка.
У час танца Баба Яга выкрадае Вясну.


2-і скамарох. Дзеці, а дзе ж гэта падзелася Вясна? Напэўна, Баба Яга яе забрала. Трэба нам усім ісці шукаць яе!

Дзеці шукаюць Вясну. Баба Яга выглядае з-за вугла.

Баба Яга. А! Вясну шукаеце? А я вам яе не аддам, таму што Свята распачалі, а мяне не пазвалі.
1-ы скамарох. Дзеці, я ведаю, як нам забраць Вясну ў Бабы Ягі.
(Шэпча дзецям, як Бабу Ягу акружыць.)

Гульня з Бабай. Ягой.

Дзеці забіраюць Вясну. Баба Яга плача. Дзеці запрашаюць яе на свята. Вясна дзякуе дзецям за дапамогу.

Вясна. Дзеці, калі я да вас ехала, то бачыла, што мядзведзь пад кустом спіць. Трэба яго пабудзіць і сказаць, што вясна прыйшла.

Дзеці будзяць Мядзведзя, але ён не прачынаецца.

2-і скамарох. А навошта яму прачынацца, калі няма чым частавацца? Вось калі пачуе, што пчолы гудуць ды мёд нясуць—адразу прачнецца!
Баба Яга. А я прыдумала, як мядзведзя падмануць. Ператваруся ў пчолку і буду лятаць каля яго, пакуль ён не прачнецца.

Баба Яга «лятае» вакол Мядзведзя і гудзе. Мядзведзь прачынаецца.

Мядзведзь. Мне здалося, што пчолы ляталі, але ж мёдам не пахне.
Баба Яга (дражніць Мядзведзя).
Мёду захацеў, а яго няма!
Мядзведзь. Дык гэта ты тут гула і пчалой прыкідвалася. Зараз я табе «палятаю», і тады табе не мінуць ліха.

Мядзведзь даганяе Бабу Ягу.

Вясна. Мядзведзь, не злуй на Бабу Ягу. Мы хацелі цябе пабудзіць і сказаць, што вясна прыйшла. А каб ты на нас не злаваў, мы падорым табе гаршчочак мёду. (Аддае гаршчочак мядзведзю.)
Мядзведзь есць мёд.


1-ы скамарох. Гэй, сюды, сюды, хто хоча мёду, мёду на выгоду!
2-і скамарох. Абаранкі, плюшкі, смачныя ватрушкі!
1-ы скамарох. I бліны пшанічныя, кругленькія, пышныя!
2-і скамарох. Кругленькія, жоўценькія, быццам тое сонейка!
1-ы скамарох. Ешце, маслам палівайце, а смятанай заядайце!
2-і скамарох. Грошай многа не бяром, амаль дарам прадаём!
1-ы скамарох. У масла блін мачайце, масленіцу запамінайце!

Дзеці частуюцца блінамі і чаем.
Праводзяцца розныя гульні-спаборніцтвы па выбары выхавальніка.

Анастасія МАРШАЛАК, выхавальнік, ДУА «Крэўскі вучэбна- педагагічны комплекс яслі-сад — сярэдняя школа», Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці. Пралеска 2013/9

Маё сэрцайка – для маці

Канспект інтэграваных заняткаў для дзяцей сярэдняй групы

Задачы: узгадаць пра свята Дзень маці; вучыць падбіраць сінонімы, папаўняць актыўны слоўнік прыметнікамі і назвамі страў; практыкаваць у адказванні на пытанні поўным сказам, самастойным будаванні словазлучэнняў; зацікавіць лепкай з цеста, вучыць ляпіць сіметрычныя прадметы, замацоўваць прыём прымазвання вадой; развіваць дробную маторыку рук, фантазію; трэніраваць пальцавае прышчэпванне; выхоўваць пяшчотныя пачуцці да маці, жаданне рабіць добрыя ўчынкі.
Рэцэпт цеста для лепкі (на 3—4 порцыі): змяшаць 200 г вады і 300 г мукі, затым дадаць 300 г солі, 1 ст.л. крухмалу, 2 ч.л. клею для шпалер, фарбавальнік. Усё добра перамяшаць і пакінуць у халадзільніку на ноч.

Ход заняткаў

Выхавальнік (В.).

Ад чысціні душы і голасам сардэчным
Сягоння пагаворым мы аб вечным.
Аб тых, хто нам дае жыццё,
Хто любіць нас і дорыць развіццё,
Хто нас вядзе ў дзіцячы сад,
Хто нам заўжды і ўсюды рад.
Аб тых, хто наймілейшы на ўсім свеце.
Аб кім мы пагаворым з вамі, дзеці?

Дзеці. Аб мамах.
В. А чаму менавіта 14 кастрычніка мы будзем размаўляць пра маму?
Дзеці. Сёння Дзень маці.
В. Правільна, уся Беларусь святкуе Дзень маці — свята, калі мы віншуем нашых мам. Гэты дзень адзначаецца для таго, каб яшчэ раз выказаць ім сваю любоў і павагу.
Што трэба зрабіць, каб мамы адчулі гэты святочны дзень і тое, што вы іх цэніце і любіце?
Дзеці. Трэба рабіць добрыя ўчынкі.
В. Так. Для таго каб выявіць, што трэба рабіць, пагуляем у гульню «Добрыя ўчынкі».
Я пачну, а вы закончыце. Мама радуецца, калі я...
Мама смяецца (шчаслівая, хваліць, абдымае мяне, любуецца мной і г.д,), калі я...
В. Вось колькі добрых учынкаў вы можаце зрабіць для мамы! Але ўсё, што вы казалі, трэба рабіць кожны дзень, рабіць так, каб ніколі не пакрыўдзіць маму, бо вашы мамы самыя-самыя... Якія вашы мамы? (Адказы дзяцей.)

Гульня «Я — мамін сонечны праменьчык!».

В. У кожнага з вас у руках прышчэпка — гэта сонечны праменьчык. Пакажыце, што ўмее рабіць ваш праменьчык. Ён танцуе (адкрываецца і закрываецца). Давайце пусцім нашы праменьчыкі да сонейка. Сонца, як маці, заўсёды нас сагравае. Перад тым як ваш праменьчык прымацуецца да сонейка, трэба расказаць, якая ваша мама, але не паўтарайцеся.
Дзеці (называюць прыметнік і прышчэпваюць свой праменьчык да сонейка). Мая мама самая прыгожая (добрая, ласкавая, лепшая, клапатлівая, пяшчотная і г.д.).
В. Чыя мама самая лепшая?
Дзеці (хорам). Мая!
В. Так, кожная з вашых мам самая добрая і ласкавая, робіць для вас самыя лепшыя справы і стравы. Якія стравы гатуюць вашы мамы?
Дзіця. Мая мама варыць кашу, суп, бульбу і г.д.
В. Мамы пякуць для вас тарты, пірагі. А што пячэ твая мама?
Дзіця. Мая мама пячэ пірожныя, бліны, булачкі, рулеты, аладкі.
В. Мамы заслугоўваюць лепшага падарунка, які мы і паспрабуем з вамі зрабіць. Гэта будзе маленькае сэрцайка, зробленае вашымі рукамі з цеста. Так вы выкажаце маме ўсю сваю любоў.
Паглядзіце, якое сэрца атрымалася ў мяне (дэманстрацыя гатовага вырабу). Якога яно колеру?
Дзеці. Чырвонага.
В. Так. Чырвоны колер сімвал любві і кахання.
Давайце зробім сэрца рукамі. У яго дзве аднолькавыя палавінкі — дзве дугі, злучаныя паміж сабой. Іх нібыта хто склеіў, і яны не могуць адна без другой, так як вы і ваша мама.

Пальчыкавая гульня «Сэрцайка».

Я матулю моцна-моцна абдыму
(рабіць сэрца з указальных і вялікіх пальцаў ),
Раскажу ёй, як яе люблю
(рабіць сэрца з сярэдніх і вялікіх пальцаў).
Падару свой падарунак
(рабіць сэрца з безыменных і вялікіх пальцаў),
А яна мне — пацалунак
(робіць сэрца з чатырох і вялікіх пальцаў).

Работа за сталамі.

В. Каб зляпіць такое сэрца, трэба раскатаць дзве аднолькавыя палачкі і злучыць іх так, як мы злучалі нашы пальцы.
* Раздзяліце цеста на дзве аднолькавыя палавінкі.
* Раскатайце палачкі аднолькавай даўжыні.
* Сагніце кожную палачку дугой,
* Злучыце палачкі так, каб атрымалася сэрца. Месца злучэння змачыце вадой.
* Каб сэрцайка выглядала па- святочнаму, намалюйце стэкай узоры.

В. Вось якія сапраўдныя сэрцайкі ў нас атрымаліся! Такім падарункам вы абавязкова парадуеце сваіх мам.

Завяршэнне заняткаў, Рэфлексія.

Раздаецца шум лёгкага ветрыку.
В. Чуеце, да нас, прыляцеў ветрык, ён прынёс нам нейкі прыемны пах — гэта мамін пах. Удыхніце яго.

Дыхальная гімнастыка «Мамін пах»

(седзячы на дыване, пад лёгкае суправаджэнне музыкі дзеці робяць неглыбокія ўдыхі і выдыхі).
В. Уявіце, што каля вас сядзіць ваша мама. Заплюшчыце вочкі і панюхайце, як прыемна ад яе пахне.

Кожная мама пахне асоба:
Адна пахне мятай і здобай,
Другая — чарніцамі, трэцяя - суніцамі,
I кожная пахне чыстай крыніцаю.
Вельмі знаёмым, ласкавым і мілым,
Проста сваім пахне мама, любімым.


А чым пахне ваша мама? (Адказы дзяцей.) Бачыце, кожная мама пахне прыемна, яна добрая, клапатлівая, яна любіць вас, таму і вы павінны яе любіць і рабіць так, каб ніколі не крыўдзіць.

Людміла КРАЖАВА, музычны кіраўнік вышэйшай катэгорыі. Пралеска 06/2012

Беларускія вячоркі

Сцэнарый свята для дзяцей дашкольнага ўзросту

Мэта: пазнаёміць дзяцей з беларускімі народнымі песнямі, танцамі, гульнямі.
Дзеянні адбываюцца ў беларускай хаце.
На стале вырабы: вышываныя, тканыя ручнікі і абрусы, вырабы з саломы, дрэва і іншыя рэчы.
У хаце гаспадыня і дзяўчынкі сядзяць і працуюць.

Гаспадыня. Беларускія вячоркі... 3 глыбокай даўніны прыйшоў да нас гэты народны звычай — беларускія пасядзелкі. Доўгімі зімнімі вечарамі збіраліся жонкі, мужыкі, сялянская моладзь для рукадзелля і пражы, а больш — для забаў і песень. Таму што, як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, заставалася любоў да народа, да песень, танцаў, гульняў, жартаў.
Невычарпальны быў народны гумар. Заўсёды ў людзей былі павага да працы, жаданне падзяліцца з сябрамі горам і радасцю. Вось і запрашаем вас на беларускія пасядзелкі!
Дзяўчынкі.

Усіх на свята запрашаем
і сардэчна вас вітаем.
I дарослых, і дзяцей,
і шаноўных усіх гасцей.
Шанаванне добрым людзям,
хай вам радасці прыбудзе,
Хлопцы, дзеўкі, мамы, таты,
запрашаем ўсіх на свята!


Гаспадыня.

Пасядзелкі ў маёй хаце,
у Беларускім нашым краі.
Прыйдуць Сцёпкі, Пеці, Васі,
Прыйшлі Каці, Мані, Надзі,
дом вяселлем напаўняя.
Але не будзем проста сядзець склаўшы рукі
Ды паміраць ад скукі.
I не проста языком мянташыць,
А жартамі і смехам справу рабіць.
А якая ж справа без песні?

Песня-карагод «Купалінка».

Дзяўчаты.

1. Калі рана ўстанеш
разам з сонцам яркім,
Што ўсплывае
над зыбкім вогнішчам зары, —
Колькі ты пабачыш
з’яў жыцця дзівосных,
Колькі цудаў розных
згледзіш на двары.
2. Калі рана ўстанеш
разам з сонцам яркім,
Разам з ветрам шпаркім,
разам з белым днём, —
Сам тады, мой дружа,
разумець ты будзеш,
Для чаго мы, людзі, на зямлі жывём.
3. Той, хто ў маладосці працуе,
той на старасці не шкадуе.
Дзе справа, там і слава.
4. Без працы не будзе шчасця.
Сёння зробіш, а заўтра як знойдзеш.


Чуецца шум.
Гаспадыня. Ой, дзяўчаты, чуеце? Гэта ж да нас на пасядзелкі хлопцы спяшаюцца.
Заходзяць хлопцы, уперадзе хлопец з гармонікам.
1-ы хлопец.
Добры дзень у хату, нашы ягамосці!
Прыбылі да вас сёння мы ў госці!
2-і хлопец.
Шчыра вам жадаем шчасця і здароўя.
Каб было гасцей у вас
поўнае застолле!
Хлопцы (спяваюць прыпеўкі).

1. На пасядзелкі мы прыйшлі,
дарагія дзевачкі.
Гарманіст у нас прыгожы,
грае вам прыпевачкі!
2. Мы прыпеўкі вам спяваем,
каб смяяліся ўвесь час.
Калі мы вам да спадобы,
запрашайце ўсіх да вас.


Дзяўчынка.

Ой, праду, праду я кужаль
з белага павесна,
Прысядзь бліжэй, мілы-любы,
нам не будзе цесна.


Гаспадыня. Заходзьце, заходзьце, калі ласка. У маёй хаце сабраны розныя вырабы: і роспіс, і вышыўка, і ткацтва, і кераміка, вырабы з саломы, дрэва...

Пазнаёмлю з цацкаю,
з саламянай, ільняною
I з глінянай — вось такою.
А вось глядзіце: свістулькі гліняныя,
3 гліны зробленыя,
у агні загартаваныя.
Калі вам патрэбны посуд,
падыходзьце, дружбакі.
Ёсць збаночкі і макітры,
і прыгожыя глякі.
Ёсць драўляны посуд:
лыжкі, дошчачкі, каўшы,
Беларускія майстры
іх зрабілі ад душы.


А цяпер загадкі. Адгадайце, што гэта?
Пасудзіна новая, а ўся ў дзірках. (Рэшата.)
Ёсць у мяне конь — сам маленькі, а цэлае мора выпіў. (Лыжка.)
Хата не багата, а ўся свеціцца. (.Кошык.)
Гаспадыня. У нашай хаце сабраліся не толькі працавітыя, але і вясёлыя мае сябры.
Дзеці.

У нас галовы русыя,
а вочы — сіні лён.
Мы — дзеці-беларусы —
сыграем і спяём.

«Стукалка» (бел. нар. песня)

1. Сядзіць баба на драбіне,
а над ёй кацяткі.
Зашчыпалі яны бабу за голыя пяткі.
Прыпеў:
Стукалка-грукалка,
выбівалка-стукалка.
Сама грае, сама б’е,
сама песеньку пяе.
2. Ой, пінжак, мой пінжак,
парваныя плечы,
Чым такая вечарына,
лепей спаць на печы.
Прыпеў.
3. Ой, у лузе пры даліне
пяе песні салавей,
Сёння весела жывецца,
заўтра будзе весялей.
Прыпеў.


Гаспадыня. Таленавітыя ў нас людзі на Беларусі — што працаваць, што спяваць — усё адно.
У хату ўбягае баба.
Баба. Вы не бачылі майго бычка?
Выбягае, вяртаецца з бычком. За ёй ідзе дзед. Бычок брыкаецца.
Дзед. Ой, бабуля, добры дзень. А куды ты збіраешся?
Баба. Бычка прадаваць.
Дзед. Ой, прадай мне, бабанька, бычка.
Баба.

У мяне ён рабы-рабы,
усё паробіць ён для бабы.
Ён у мяне буры-буры,
заганяе свіней, куры.
Ён у мяне лысы-лысы,
мые лыжкі, мые міскі.
Кожны дзень дапамагае,
тэлевізар мне ўключае.
Вось які ў мяне бычок,
пазалочаны бачок.
Не прадам цябе! (Бычок бадаецца.)


Дзед. Ён цябе забадае!
Баба. А колькі заплаціш?
Дзед. Ну колькі ёсць, і мяне ў прыдачу.
Баба. Вось старгавалася, грошы атрымала, дзеда ў прыдачу, ды і бычка сабе пакіну. Вой-вой! (Да дзеда.)

А цяпер, мой дзядок,
давай паскачам, галубок!


Дзед з бабай танцуюць.
Баба. А цяпер пайшоў, дзядок, з бычком разам у хлявок!
Дзед. Куды?
Баба. У хлеў!
Дзед. Людзі, што гэта такое?! Грошы забрала і ў хлеў з бычком адправіла.
Баба штурхае дзеда з бычком. Дзед выходзіць, баба застаецца.
Баба. Не, усё ж я дзеда люблю, шкадую. Дзед, ідзі сюды, мой старэнькі, мой даражэнькі! Пойдзем у госці.

Сабірайся ў госці, мой дзядок,
сабірайся ў госці, галубок!
Дзед.
Не пайду я ў госці —
холад на двары.
А мне ломіць косці, я ж ужо стары.
Баба.
Сабірайся ў госці, мой дзядок,
сабірайся ў госці, галубок!
Дзед.
Не пайду я ў госці — я ж табе кажу,
Лепш на цёплай печцы паляжу.
Баба.
Дык ляжы на печы, стары дзед,
а мяне ў госці павядзе сусед!
Дзед.
Пачакай, Ганулька, не спяшай!
Пойдзем разам у госці,
мяне не кідай.


Дзед з бабай выходзяць.

Прыпеўкі (спявае гаспадыня):

1. Усіх са святам мы вітаем
і здароўя вам жадаем!
Ай, лі, ай, люлі
і здароўя вам жадаем!
2. Хай у вашым садзе дзеткі
Падрастаюць, нібы кветкі.
Ай, лі, ай, люлі,
падрастаюць, нібы кветкі!
3. Мы жадаем вам, дзяўчаты,
грошай каб было багата.
Ай, лі, ай, люлі,
грошай каб было багата!
4. Што яшчэ мы пазабылі?
Мужыкі каб вас любілі!
Ай, лі, ай, люлі,
мужыкі каб вас любілі!

Гучыць фанаграма Песні «Слуцкія ткачыхі»

(сл. М. Багдановіча, муз. У. Мулявіна).
Уваходзяць дзяўчаты з дзецьмі, танцуюць танец з рушнікамі «Слуцкія ткачыхі».
Гаспадыня.

Сёння мы ў нашай зале
шмат чаго вам паказалі.
I жадаем ад душы
быць здаровымі заўжды.
Шчасця шмат і грошы майце,
да нас у госці прыязджайце.
Бывайце здаровы, жывіце багата,
Хай лёгкай будзе дарога да хаты!

Песня «Добрага здароўя».

1. Добрага здароўя вам ўсім (2 разы)!
Каб жылі багата, працавалі дружна,
Каб заўсёды мір быў на зямлі.
2. Каб у кожнай хаце поўны стол (2 разы).
Пірагі, каўбасы, масла, сала, мяса,
Каб шчасліва сем’ям усім жылось.
3. Добрага здароўя вам усім (2 разы)!
Каб былі радзіны,
каб былі крысціны,
Наваселляў болей каб было.

ЛІТАРАТУРА:

1. Беларускі дзіцячы фальклор. Традыцыйныя запісы, апрацоўкі і аўтарскія творы / склад.: АМ. Аляхновіч, М.В. Рахчэеў,
A. С. Фядосік, У.Д. Каструлёў. — Мінск: Беларусь, 1994.
2. Беларускія народныя абрады / склад. навуковы рэдактар і прадмова А.П. Касцюкавец. — Мінск: Беларусь, 1994.
3. Бурда, С.І. Жыццё і песні непадзельны: сцэнарыі фальклорных святаў для пачатковых класаў / С.І. Бурда. — Мазыр: ТАА ВД «Белы Вецер», 2003.
4. Крынічка. Беларускія народныя песні для дзяцей / склад. Л.В. Кузьмічова,
B. Г. Вячорка. — Мінск: Беларусь, 1989.

Разделы сайта