Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Шануйце родную мову

5 сакавіка 1896 года нарадзіўся беларускі пісьменнік, слынны байкапісец, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец Кандрат Крапіва.

Дзед i баба

Ехаў Дзедка на кірмаш,
З ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая — сем пудоў,
Сама меней, важыць.
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.
Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок.
Дык яна — за білы
Ды нагамі ў перадок
Пхне, як мае сілы.
— Кінь, дурная, бо зганю! —
Дзед тут Бабе кажа.—
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.
— Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае.—
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.
Потым — гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс,—
Дзе ўзяліся й ногі!
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж «бабы»:
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.
Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце:
— Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!

ДЗІЦЯ, ВОЖЫК I ЗМЯЯ

Выходным днём у саснячку 
Жанчына з дзіцянём гуляла, 
Лягла пад сонца, задрамала, 
А небяспека напаткала 
Яе маленькую дачку. 
З узгорка ўніз вядзе сцяжынка,— 
Ідзе па ёй мая Дзяўчынка 
Ды ловіць матылькі. 
А гэтым часам пры сасонцы 
Гадзюка грэецца на сонцы,—
Блішчыць на ёй узор лускі. 
Дзяўчынка рада: «Цаца! Цаца!» 
I хоча ўжо рукой хапіць, 
А «цаца» пачала звівацца, 
Лісліва, ціхенька сіпіць: 
— Хачу, дзіця, з табой пасябравацца: 
Цябе я ласкава, пяшчотна абаўю,
Пазнаеш ты любоў маю. 
Аж раптам тут ля самых ножак 
Зафыркаў злосна Вожык 
I кінуўся адважна на Змяю. 
Змяя ўзвілася бліскавіцай, 
Зубамі хоча ўпіцца, 
Мільгае промнямі лускі, 
А ён, узброены ігліцай, 
Зубоў змяіных не баіцца 
I рве Гадзюку на кускі. 
Дзяўчынка сціснула ад гневу кулачкі, 
Крычыць на Вожыка: 
— Пачвара, недарэка! 
Ты цацу сапсаваў маю! 
За гэта я цябе наб'ю. Ты — бека!
— Дзіця,— адказвае ёй Вожык,— 
Хоць бека я, калючы, непрыгожы, 
Але ж я знішчыў смерць тваю. 
Як падрасцеш, ацэніш ты паслугу 
I мне падзякуеш, як другу.

Дзіця дзіцём — і розум у яго такі. 
Я не дзяцей тут меў на мэце, 
А ёсць яшчэ дарослыя дзядзькі
На свеце, 
Што і змяю гатовы прытуліць,
Якая іх умее пахваліць. 
Такім мілей ліслівы гад паўзучы, 
Чым верны друг, хоць і калючы.

1950

 

 Ад прадзедаў спакон вякоў
      Мне засталася спадчына;
      Паміж сваіх і чужакоў
      Яна мне ласкай матчынай.
 
      Аб ей мне баюць казкі-сны
      Вясеннія праталіны,
      I лесу шэлест верасны,
      I ў полі дуб апалены...
          

  Янка Купала

 

 Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.
Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, паважаць яе самі, а таксама прывіць любоў і павагу да яе нашым дзецям.  “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень” — так назваў родную мову наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч. І хочацца верыць, што наша родная мова заўседы застанецца любiмай, паважанай i ўвогуле, самай лепшай.

Яшчэ ў далёкай старажытнасці людзі здабывалі агонь, прыручалі жывёл, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, будаваць масты, вадзіць па вадзе караблі… Буйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі паравая машына, электрычнасць, радыё, самалёты. А яшчэ пазней вялікім цудам з’явіліся штучныя спадарожнікі Зямлі, касмічныя караблі і выхад чалавека ў космас…
Але ўсё гэта стала магчымым, бадай, таму, што ў людзей даўным-даўно з’явілася мова. Менавіта яна вывела чалавека ў свет розуму.
Мова... Наша родная мова... Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне, чалавек — усе маюць сваю мову. «Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця — гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам», — пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з'яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ей людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваей мэты. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яго з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання. Родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры.
Але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. Памятаеце, як у далёкія часы пакутавалі людзі, якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад радзімы. Цяпер мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.
Мова — гэта душа народа. Нагадаем словы народнага песняра Янкі Купалы: “Гэта душа душы беларуса — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дрэва. Падкапайце яго, абсячыце дазвання яго корань — дрэва засохне, перастане жыць”. Купала сцвярджаў, што вырачыся роднага слова — тое ж самае, як вырачыся роднай маці. І ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, на думку песняра, мы зможам толькі тады, калі пад кожнай страхой, кожным дахам зойме пачэснае месца наша родная беларуская кніжка.
 На вялікі жаль, мы рэдка задумваемся пра свае карані. А, магчыма, каб задумваліся, былі б болей памятлівымі, болей абачнымі і адказнымі, з большай цеплынёй ставіліся да людзей, што пакінулі нам вялікую спадчыну — нашу мову.

*Бацькаўшчыны не купляюць і не прадаюць.

*У сваім краю, як у раю.

*Свая хатка – родная матка, а чужая – мачыха.

*Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.

*Якая птушка, такое і гняздзечка.

*Вялікага дуба з малым карэннем не бывае.

 

 

 

 

Разделы сайта